У Бераставіцкім Доме рамёстваў прайшоў Дзень адкрытых дзвярэй

«Вяртанне да вытокаў» – пад такой назвай 3 верасня у Бераставіцкім Доме рамёстваў прайшоў Дзень адкрытых дзвярэй. Госці ўстановы – пачаткоўцы Вялікабераставіцкай сярэдняй школы – з захапленнем разглядалі экспазіцыі прыгожых вырабаў ручной работы бераставіцкіх майстроў і з непадробнай цікавасцю пыталіся, як навучыцца ствараць гэткую прыгажосць.

Загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Тамара Касьян пазнаёміла школьнікаў з дзейнасцю Дома рамёстваў, адзначыўшы, што у свой час ён быў адчынены менавіта з мэтай захавання традыцый старадаўніх рамёстваў, характэрных для нашай мясцовасці. Гэта найперш, ткацтва і вышыўка. Дарэчы, за годы існавання Дома рамёстваў тут назапашана цэлая калекцыя самаробных вырабаў, перададзеных жыхарамі раёна. Гэта і прадметы ткацтва, у тым ліку рэдкага, падвойнага, і ручнікі, і вышыванкі. Дзецям была прадэманстравана гэта калекцыя, таксама як і ўзоры бераставіцкага жаночага і мужчынскага строю, вялікая работа па аднаўленню якога была праведзена некалькі год таму.

Юныя наведвальнікі Дома рамёстваў прынялі ўдзел у майстар-класе па кераміцы. Майстар традыцыйных рамёстваў і промыслаў Святлана Ляшкевіч прадэманстравала пачаткоўцам, як вылепіць з гліны фігурку труса. Многім так спадабаўся гэты працэс, што яны папрасіліся запісацца ў гурток. Што ж, такая магчымасць ёсць. Якраз цяпер Домам рамёстваў праводзіцца работа па набору школьнікаў ў гурткі керамікі, саломапляцення і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Час яшчэ ёсць. Прыходзьце!

Святлана Ганчарова, фота аўтара

Пляценне_вокладка.jpg

IMG_8920.jpg

IMG_8898.jpg

© 2016-2024 Берестовицкий районный центр культуры и народного творчества