9 лістапада 2016 года арганізатары краязнаўчай анлайн-віктарыны “Знакамітыя асобы роднага краю”, якая праходзіла з 20 па 30 кастрычніка на сайце “Бераставіцкай газеты”, наведалі ўстанову адукацыі “Канюхоўскі яслі-сад-сярэдняя школа”, каб павіншаваць пераможцу і ўручыць яму заслужаныя ўзнагароды.
На распрацаваныя супрацоўнікамі раённай бібліятэкі пытанні, якія датычыліся вядомых людзей, звязаных з гісторыяй Бераставіччыны, паспрабавалі адказаць больш за сто ўдзельнікаў анлайн-віктарыны.
І толькі адзін з іх – вучань 10 класа Павел Буры паказаў максімальны вынік і адказаў правільна на ўсе пытанні пра знакамітых землякоў.
Метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Кудлаш узнагародзіла Паўла Бурага Дыпломам I ступені і ўручыла памятныя сувеніры. Ад галоўнага рэдактара “Бераставіцкай газеты” Зінаіды Самковай юнак атрымаў сертыфікат на бясплатную падпіску на раённую газету на першы квартал 2017 года, а яшчэ адным падарункам для яго стаў фотаальбом “Вялікая Бераставіца і ваколіцы”, які прывезла загадчык аддзела па рабоце з моладдзю Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Вераніка Грахоўская.