Абласны агляд-конкурс аматарскіх тэатральных калектываў праходзіць на Гродзеншчыне з сакавіка па лістапад. Прадстаўнікі Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці па чарзе наведваюць раённыя цэнтры, дзе іх увазе, а таксама ўвазе гледачоў, канкурсанты дэманструюць свае пастаноўкі.
Удзельнічаюць у аглядзе-конкурсе толькі аматарскія (дзіцячыя і дарослыя) тэатральныя калектывы, акрамя тых, хто мае званне “народны” ці “ўзорны”. Бераставіцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці вылучыў на конкурс дзіцячы гурток акцёрскага майстэрства “Балаганчык” (мастацкі кіраўнік Аляксандра Каравай) і дзіцячы драматычны гурток “Пятрушка” сектара па кінавідэаабслугоўванню насельніцтва (мастацкі кіраўнік Алена Бурая).
Наколькі дакладна юныя аматары тэатральнага жанру здолелі перадаць вобразы герояў п’ес і настрой, зададзены сцэнарыем, ацэньвала вядучы метадыст Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Аліцыя Рабцава. Дарэчы, ацэньваліся і майстэрства рэжысёра, і сцэнічнае афармленне, і касцюмы акцёраў, і музычнае суправаджэнне спектакля.Кіраўнік “Балаганчыка” Аляксандра Каравай прапанавала сваім падапечным падрыхтаваць на конкурс арыгінальную пастаноўку “Золушка New” па матывах п’есы Тамары Габбэ “Хрустальны чаравічак”. Юныя акцёры з задавальненнем згадзіліся: змест спектакля цікавы, ролі прапісаны ў сучаснай манеры, ды і сама іх кіраўнік, Аляксандра Іванаўна, якая, дарэчы, актрыса па першай адукацыі, вырашыла сыграць ролю Мачыхі, а гэта ўжо значная падтрымка. Пачаліся рэпетыцыі, падрыхтоўка касцюмаў і дэкарацый, падбор музыкі… Безумоўна, не абыйшлося і без хваляванняў. Аднак у выніку спектакль спадабаўся гледачам, і гэта галоўнае. А прадстаўнік абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адзначыла, што нягледзячы на дастаткова складаны сцэнарый,юныя канкурсанты справіліся з задачай. Пастаноўка прадэманстравала арыгінальныя рэжысёрскія рашэнні, удала падабраную музыку, старанне юных акцёраў і іх творчы запал.
Стараліся і маленькія артысты дзіцячага драматычнага гуртка “Пятрушка”разам са сваім кіраўніком Аленай Бурай. Гурток пачаў дзейнічаць толькі ў гэтым годзе са з’яўленнем пры сектары кінавідэабслугоўвання пасады культарганізатара. Гурткоўцы-чацвёртакласнікі ўпершыню выступалі на сцэне, аднак невялічкі па працягласці спектакль па матывах аповеду Вадзіма Карастылёва “Воўка ў трыдзясятым царстве”, выклікаў цікавасць у гледачоў. Дзеці з задавальненнем “вандравалі” разам з галоўным героем Воўкай па любімых казках, смяяліся і суперажывалі персанажам.
Вынікі абласнога агляду-конкурсу аматарскіх тэатральных калектываў стануць вядомыя пазней. У снежні на базе Іўеўскага цэнтра культуры і дасуга плануецца правесці свята “Тэатр – душа мая”, дзе будуць паказаны лепшыя спектаклі ці ўрыўкі з іх, пройдуць майстар-класы па рэжысуры, сцэнаграфіі і акцёрскаму майстэрству. Будзем спадзявацца, што нашы юныя тэатралы і іх кіраўнікі таксама трапяць у лік лепшых.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара