Дэлегацыя Бераставіцкага раёна пабывала ў Польшчы

    У пачатку месяца, з 8 па 11 верасня, дэлегацыя Бераставіцкага раёна на чале з намеснікам старшыні райвыканкама па эканоміцы Алай Заміроўскай наведала Рэспубліку Польшча. Народны ансамбль народнай песні "Бераставіцкія музыкі" раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прыняў удзел у свяце ўраджаю гміны Косакова Пуцкага павета Паморскага ваяводства.

 

1 4

 

 – Гэта так званы візіт у адказ, – расказвае кіраўнік дэлегацыі Ала Заміроўская. – У сакавіку гэтага года ў Бераставіцкім раёне з афіцыйным візітам знаходзілася дэлегацыя гміны Косакова. Старшынёй райвыканкама Антонам Кулісевічам і войтам гміны Ежы Влудзікам было падпісана пагадненне аб партнёрскім супрацоўніцтве.

 

Госці пазнаёміліся з прамысловымі і сацыяльнымі аб'ектамі нашых аграгарадкоў, з эканамічнымі і культурнымі дасягненнямі рэгіёна, з творчасцю народных калектываў, атрымалі прыемныя ўражанні ад Бераставіччыны і, у сваю чаргу, запрасілі да сябе.

Дажынкі, якія традыцыйна і шырока адзначаюць у Косакаве, сталі добрай нагодай для паездкі. Наш першы крок на шляху супрацоўніцтва можна назваць культурным, творчым, паколькі ў канцэртнай праграме свята ўраджаю польскія арганізатары прадугледзелі выступленне народнага ансамбля народнай песні "Бераставіцкія музыкі".

 

2 3

 

– Дарэчы, падчас нашага візіту і сустрэчы з войтам гміны Косакова Ежы Влудзікам, – гаворыць Ала Аляксееўна, – былі абмеркаваны і аспекты супрацоўніцтва ў іншых сферах. У будучым, напрыклад, не выключана магчымасць арганізацыі летняга адпачынку школьнікаў – польскіх у нас, бераставіцкіх – у Польшчы.

Святлана Ганчарова,
фота Дзмітрыя Місюлі і з сайта гміны Косакова Рэспублікі Польшча

Источник: beresta.by

Оригинал статьи: читать

© 2016-2024 Берестовицкий районный центр культуры и народного творчества