Музейныя экспазіцыі
Трэба ведаць- сэрца просіць,
Як дзядам, бацькам жылося…
Як сахой даўней аралі,
Як смыком зямлю бярлялі,
Як з сявалкі збожжа- зерне
Рассявалі чорнай жменяй…
Нам, беларусам, засталася багатая і невычэрпная спадчына. Адно з такіх багаццяў- нашае мінулае. На жаль, сучасныя пасажырскія лайнеры і нават магутныя рэактыўныя самалёты туды не лятаюць. І ўся сучасная тэхніка не можа нам дапамагчы апынуцца ў мінулым. А так хочацца паглядзець, як жылі калісці нашы продкі, далёкія і блізкія. А вось у філіяле па культурна- дасугавай дзейнасці аг.Алекшыцы можна наведаць міні- музей, дзе вядучы экскурсіі “Сведкі мінулага” раскажа як жылі нашы дзяды, прадзеды, чым займаліся, якія любімыя заняткі ў іх былі, як вялі сваю гаспадарку. Экспанаты, якія знаходзяцца ў пакоі збіраліся не адзін год, некаторым з іх больш чым за сто гадоў. У міні- музеі знаходзіцца 32 экспаната. Большую частку з іх аддала Шыш Валянціна Фёдараўна. Хочацца адзначыць, што адметнай асаблівасцю рэчаў, прадстаўленых на выставе, з’яўляецца тое, што ўсе яны выраблены ўручную. Міні- музей адлюстроўвае беларускую хату. Галоўнай заўсёды была печ- гэта цеплыня, здароўе застужанаму чалавеку, смачная ды гарачая ежа. Таксама тут знаходзяцца розныя прылады працы, якія дапамагалі ў мінулым ствараць вырабы, працаваць. У хаце ёсць калаўрот, цэп, качалка, прасніца, жалязко, пранік, з посуды: збанкі, гаршкі, чыгуны. Гліняны посуд і сёння карыстаецца попытам. Радуе ён вока і на кухоннай паліцы і на абедзенным стале. Напэўна смачнымі былі тыя стравы, якія рыхтаваліся нашымі продкамі ў гаршочках і збаночках. У пакоі вочы разбягаюцца ад стракатай прыгажосці фартушкоў і посцілкаў, абрусаў і ручнікоў. Не, такіх абноў ў краме не купіш, у іх жыццё, натхненне, душа таленавітых народных тварцоў.