7 чэрвеня маляўнічы Аўгустоўскі канал ператварыўся ў сапраўдны цэнтр народнай творчасці і самабытных традыцый. Тут, у рамках трэцяга дня заключных мерапрыемстваў XV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, адбыўся абласны фестываль традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны». Сярод талентаў усёй Гродзеншчыны ярка і каларытна прадставіла сябе Бераставіччына. Наш раён прэзентаваў гасцям і журы свята адмысловую пляцоўку — «Бераставіцкую браму», створаную ў рамках прыгожага і каштоўнага праекта «Вяселле па-беларускіх канонах». Гэта была не проста дэманстрацыя, а сапраўднае адраджэнне народных вытокаў. Жывы гук народных інструментаў, пяшчотная ўсмешка маладой, шчырыя вясельныя песні і пажаданні нікога не пакінулі абыякавымі.
Кожнае такое мерапрыемства патрабуе не толькі арганізацыйнай працы і розуму, але і сапраўднай працы душы, творчага натхнення і, безумоўна, адзінства ўсяго калектыву. І гэтыя намаганні былі ацэнены на самым высокім узроўні! Па выніках правядзення фестывалю калектыў ДУК «Бераставіцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» быў удастоены ганаровага Дыплома III ступені ў намінацыі «Лепшая прэзентацыя традыцыйнай культуры Гродзеншчыны». Гэтая ўзнагарода — вялікі супольны поспех і каштоўны вопыт для нашай установы, які даказвае, што бераставіцкая зямля багатая на таленты, якія беражліва захоўваюць і папулярызуюць спадчыну продкаў. Шчыра віншуем наш творчы калектыў з высокім дасягненнем! Жадаем невычэрпнага натхнення, новых цікавых праектаў, гучных перамог і далейшага росквіту на карысць развіцця беларускай культуры!
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |







