У духу найлепшых беларускіх традыцый, з песнямі, віншаваннямі і шчырымі пажаданнямі дабрабыту, калядоўшчыкі Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці наведалі сельскагаспадарчыя арганізацыі нашага раёна. Гэты старажытны звычай, які сімвалізуе прыход новага года і пажаданне багатага ўраджаю, быў з асаблівай цеплынёй сустрэты працаўнікамі аграрнага сектара. Апранутыя ў традыцыйныя касцюмы, з зоркамі, званочкамі, Козанькай і Мядзведзем і ў суправаджэнні Музыкі, калядоўшчыкі спявалі калядныя песні, віншавалі кіраўнікоў і працаўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў са святамі. Гучалі пажаданні здароўя, шчасця, міру і, вядома ж, багатага ўраджаю ў новым годзе. Нягледзячы працоўны дзень кожны знайшоў час, каб паслухаць традыцыйныя песні і прыняць шчырыя пажаданні. Гэта не толькі прыемная традыцыя, але і важны момант, які аб'ядноўвае людзей, напамінае пра нашы карані і культурную спадчыну.